ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫЯ ТЭО́РЫІ,

адзін з асн. кірункаў сац.-эканам. думкі развітых капіталіст. краін, прадстаўнікі якога пераглядаюць канцэпцыі палітэканоміі і сац. філасофіі з пазіцый тэхн. і тэхнал. дэтэрмінізму. Аўтары Т.т. лічаць, што тэхнал. дэтэрмінізм як тэарэт. абгрунтаванне выключнай ролі вытв-сці і яе тэхналогіі ў жыцці грамадства знайшоў адлюстраванне ў працах Э.​Бернштэйна, К.​Кауцкага (Германія), Т.​Веблена (ЗША), І.​Шумпетэра (Аўстрыя), П.​Струвэ, М.​І.​Туган-Бараноўскага (Расія) і інш. На метадалогію тэхнал. дэтэрмінізму абапіраюцца створаныя амер. і зах.-еўрап. эканамістамі, філосафамі, футуролагамі, сацыёлагамі тэорыі «новага індустрыяльнага грамадства» (Дж.​Голбрэйт), «постіндустрыяльнага грамадства» (Д.​Бел), «суперіндустрыяльнага грамадства» (А.​Тофлер), «постцывілізацыйнага грамадства» (К.​Боўлдынг), «тэхнатроннага грамадства» (З.​Бжазінскі), «посткапіталістычнага грамадства» (Р.​Дарэндорф), «постбуржуазнага грамадства» (Г.​Ліхтхейм), «стадый эканамічнага росту» (У.​Ростаў), «межаў росту» (Дж.​Форэстэр, Е. і Д. Медаўс) і інш. Т.т. ўключаюць разнастайныя і супярэчлівыя ідэі, згодна з якімі атрымліваюць аптымістычную (Н.​Вінер), песімістычную (Л.​Мэмфард) або экалагічную афарбоўку. Аўтары Т.т. незалежна ад канкрэтных асаблівасцей лічаць, што ў сістэме «посткапіталістычных» грамадскіх форм роля гал. генератара ўсёабдымных змен належыць тэхналогіі, пад якой яны разумеюць паслядоўнае выкарыстанне навук. і інш. сістэматызаваных ведаў дзеля вырашэння практычных задач. Мноства назваў тэорый адлюстроўвае суб’ектыўны погляд іх аўтараў на вынікі тэхнал. змен, але шэраг прынцыповых палажэнняў ідэнтычны. Напр., у эканоміцы — неабходнасць планавання і ўдзелу дзяржавы ў эканам. працэсах; у палітыцы — зліццё карпарацый з дзяржавай у адзіны комплекс на аснове супадзення паліт. інтарэсаў; у сац. сферы — змена традыц. класавай структуры грамадства і характару сац. канфліктаў, якія ўзнікаюць паміж «новым тэхналагічным класам» і «неадукаванай масай».

В.​І.​Боўш.

т. 16, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)